top of page

Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. У кожнай беларускай хаце, багатай ці беднай, ручнікі з’яўляліся абавязковым атрыбутам, і налічвалася іх больш трох дзясяткаў. Ткуць і расшываюць яго і сѐння.

Яшчэ ва ўзросце 12-13 гадоў дзяўчынкі пачыналі рыхтаваць сабе пасаг. Пачыналі яны гэтую справу менавіта з гэтых чароўных палотнаў, кожнае з якіх мела сваё прызначэнне. Ручнікі ўжываліся для штодзеннага і святочнага ўбрання жылля і абразоў, у вяселлях і пахаваннях.

Просты на першы погляд ручнік-«уціральнік», якім у паўсядзённым жыцці выціралі твар і рукі, надзяляўся вялікай сілай ачышчэння. Сяляне ведалі, што за любую справу трэба брацца з чыстымі рукамі і чыстай душой. Таму і запрашалі дарагіх гасцей спачатку ў баню, каб змыць усе грахі. Самы высокі статус меў ручнік- «набожнік», ім упрыгожвалі чырвоны кут хаты, накрываючы абразы з выявай Ісуса Хрыста, Багародзіцы. Абавязковымі на ім былі крыжы і кветкі не толькі з двух бакоў, але і ўздоўж.

Ручнікі ўваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручнікі перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як «падножнік», на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання, выкарыстоўвалі для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля. Глыбокай даўніной павявае ад ужывання ручніка ў моманты блаславення жаніха і нявесты на шлюб, якім апяразвалі маладых, надаючы мужчынскую і жаночую сілу. Праз плячо перавязвалі сватоў і сяброў жаніха на вяселлі. На заручынах нявеста адорвала ручніком свайго суджанага, на вяселлі — усю радню будучага мужа. Рукі маладых бацькі таксама звязвалі, потым вадзілі жаніха і нявесту вакол стала, даючы згоду на шлюб. На ручнік-«падножнік» станавіліся маладыя падчас вянчання ў царкве.

Не абыходзіліся нашы продкі без палатнянай стужкі ў час нараджэння дзіцяці. Чароўны ланцужок звычайна выконваў функцыю дара паміж парадзіхай і кумамі, паміж кумам і кумой. За паслугі пры родах адорвалі бабу-павітуху. Традыцыйны падарунак на радзінах — хлеб, абгорнуты ручніком. Адным з асноўных атрыбутаў з’яўляўся ручнік у абрадах ачышчэння нованароджанага, а дзе-нідзе — усіх прысутных. Павітуха налівала ў міску вады, насыпала аўса і гэтай сумессю працірала ўсім твары, і кожнаму яна выказвала наступныя пажаданні: «Дай жа Божа, каб ты быў крэпак, як вада, багат, як зямля, вясёл, як пчала, а красен, як вясна».

Толькі ручніком у беларускіх хатах накрывалі свежаспечаны хлеб, і вандроўнікаў у дарогу адпраўлялі з гэтым багаццем, каб не забывалі пра родны дом і свае карані. Ім і зараз перавязваюць першы сноп, сціснуты ў полі, каб спрыяць добраму будучаму ўраджаю, забяспечыць падтрымку і блаславенне продкаў. І ў час уборкі, калі зжыналі апошні снапок каласкоў, яго абдымала не скручаная салома, а менавіта вышываныя на тканіне кветкі. Хлеб і соль, як сімвал гасціннасці, падносяць жаданым гасцям на ручніку і зараз.

Ручнік — гэта не проста кавалак палатна, а істота, якая валодае магутнай энергетыкай. Ён і сення абавязкова выкарыстоўваецца пры сустрэчы гасцей хлебам-соллю, калі неабходна выказаць гасціннасць, на ім пераносяць вясельны каравай, праз яго прынята перадаваць і прымаць абразы. А ў народных уяўленнях з ім асацыююцца ўстойлівыя вобразы-сімвалы: ручнік-шлях, ручнік-повязь, ручнік-увасабленне дабра.

На ручніку што ні ўзор, то сімвал. Арнамент беларускіх традыцыйных тканін – гэта жаночая мова, якая за доўгі перыяд свайго функцыянавання ўвабрала ў сябе значэнні і сэнсы слоў і сказаў рознага па часу паходжання.

Усѐ, што захавана ў народным ткацтве, цяжка пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў і каханне, гонар за чалавека і яго працу, кожны ўзор мае сваѐ прызначэнне і сваю назву.

Наш беларускі ручнік — жывая повязь паміж мінулым і сучасным, паміж чалавекам і вышэйшымі сферамі, паміж бачным і нябачным светам. Таму і імкнецца сэрца ў сялянскую хату, дзе прайшло дзяцінства, каб зберагчы тое, што ёсць. Гэта наша гісторыя. Гэта нашы карані.

Рушнікі

Каб вывесці гульню на ўвесь экран, націсніце значок у верхнім правым куце гульні.

bottom of page