КУРГАН БЕССМЯРОТНАСЦІ
Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча — штучны ўзгорак, створаны ў 20-x гадах ХХ ст. у гонар Адама Міцкевіча ў Навагрудку, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады і ў ваколіцах якога адбываюцца многія падзеі яго твораў. Менавіта ў гэты перыяд часу шмат было зроблена для вяртання імя Адама Міцкевіча на радзіму і ўвекавечвання яго памяці. Штуршком для гэтага паслужыў чарговы прыезд у Навагрудак сына Адама Міцкевіча Уладзіслава 13 мая 1922 года. Пад уплывам гэтага візіту ў Навагрудку было створана добраахвотнае навуковае таварыства – Міцкевічаўскі камітэт пад кіраўніцтвам ваяводы У. Рачкевіча і пад апекай прэзідэнта Польшчы С. Вайцяхоўскага. Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка Міцкевічу. Паколькі ў той цяжкі пасляваенны час былі пэўныя складанасці з пабудовай высокамастацкага скульптурнага помніка, было вырашана ўзвесці помнік у выглядзе насыпанага кургана згодна даўняй славянскай традыцыі. На добраахвотныя ахвяраванні навагрудчан у мясцовага землеўладальніка быў куплены на Малым замку пляц для будучага Кургана.
27 мая 1924 года адбылася вялікая ўрачыстасць з нагоды пачатку работ па яго ўзвядзенню. Біскуп Зыгмунт Лазінскі зачытаў перад прысутнымі Устаноўчы акт, складзены прафесарам Віленскага універсітэта Станіславам Пігонем і падпісаны членамі Міцкевічаўскага камітэта. Затым гэты акт паклалі ў алавяную скрынку і забетаніравалі на месцы будучага кургана-помніка. Першую жменю зямлі ў яго аснаванне кінуў кіраўнік Міцкевічаўскага камітэта прафесар С. Вайцяхоўскі, а за ім астатнія прысутныя: члены камітэта, навагрудчане і госці з розных рэгіёнаў Польшчы. Зямлю для насыпання Кургана бралі большай часткай з суседняй Замкавай гары. Ва ўвядзенні Кургана ўдзельнічала моладзь, работнікі розных устаноў і арганізацый, салдаты. Прывозілі зямлю са сваіх родных мясцін і шматлікія турысты, якія наведвалі радзіму А. Міцкевіча. Жаданне прыняць удзел ва ўзвядзенні Кургана было такім вялікім, што адзначаліся выпадкі, калі зямлю дасылалі поштай з розных рэгіёнаў Польшчы, робячы на пасылцы надпіс “Навагрудак. Зямля для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча”. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Курган−помнік быў афіцыйна перададзены пад апеку горада. Вышыня яго склала 17 метраў, а шырыня ля падножжа – 30 метраў.
3 той пары на Наваградчыне стала традыцыйным штогод праводзіць народнае свята песні і танца, прысвечанае вялікаму земляку Адаму Міцкевічу. Сярод мясцовага люду жыве легенда, у якой апавядаецца, што ў дні народных урачыстасцей паэт абавязкова вяртаецца ноччу з Вавельскага замка ў родныя мясціны, каб пачуць рэха наднёманскіх песень, адчуць іх мілагучнасць, хараство. Тады ён прахаджваецца па замчышчы, узбіраецца на высокі курган, насыпаны ў яго гонар, потым доўга задуменна сядзіць ля парога бацькоўскага дома. Шмат ёсць на Наваградчыне легендаў аб бессмяротнасці душы паэта. Магчыма, што і назва «Курган бессмяротнасці» абавязана адной з іх сваім нараджэннем.
Паводле сайта “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Прынёманскага краю”