top of page

Плошча і Гандлёвыя рады

У значнай меры тыповым і, ў пэўных рысах, адметным быў знешні воблік г.Навагрудка ў ХІХ - пачатку ХХ стст.

Яго асаблівасць і ўнікальнасць праяўлялася, перш за ўсё, у забудове гарадской плошчы. Пяцівугольная па форме, яна размяшчаецца на высокай і прасторнай пляцоўцы, з якой як бы "сцякаюць" у розных накірунках пяць асноуных вуліц. Па перыметру плошчы, шчыльна адзін да аднаго размяшчаліся аднапавярховыя дамы мяшчан. У цэнтры плошчы былі пабудаваны доўгія драўляныя, а з 30-х гг. XIX ст. каменныя, гандлёвыя рады. За жылымі будынкамі па вуглах плошчы, зрокава ствараючы другі ярус забудовы, узвышаліся касцёлы дамініканцаў, дамініканак, францысканцаў, езуітаў, купалы Барысаглебскай царквы. На пэўнай адлегласці ад цэнтра знаходзіліся фарны i баніфацкі касцёлы, дзве царквы. На паўднёвым баку плошчы, закрываючы фасад дамініканскага касцёла, стаяў двухпавярховы Радзівілаўскі палац. Насупраць, праз вуліцу ўзвышауся каменны будынак гарадской ратушы, упрыгожаны ўверсе гадзіннікам i скульптурнай выявай архангела Mixaла — апекуна горада. 

На развіццё горада ўплывалі пажары. Найбольшыя з іх былі у 1881 г., калі згарэлі вайсковыя склады i 18 дамоў , i ў 1907 г., калі горад страціў 167 будынкаў. Пасля пажарау многія жыхары імкнуліся будаваць дамы з цэглы і камянёў, i ўжо перад пачаткам Першай сусветнай вайны гарадская плошча была забудавана па свайму перыметру адна- i двухпавярховымі камяніцамі.

Адзін з тагачасных наведвальнікаў Навагрудка напісаў у сваім артыкуле: “Цэнтр горада, аточаны мураванымі дамамі з фасадамі ў барочным і рэнесансным стылях, з высокімі ступенькамі, якія вядуць з вуліцы, стварае мілае ўражанне і з’яўляецца з архітэктурнага погляду, асаблівасцю ў сваім родзе”. 

Большая частка забудовы плошчы была разбурана ў час Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1941-га года.

Гандлёвыя рады ўзведзены на пляцы, які належаў навагрудскім іезуітам па тыпавым праекце, складзеным у Санкт-Пецярбургу. Уяўлялі сабой у плане выцягнуты няправільны чатырохвугольнік-трапецыю. Галоўны фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра і акцэнтаваны трохвугольным франтонам у цэнтры з паўцыркулярным аконным праёмам, аздобленым ліштвай з замковым каменем.

Каланада надае будынку выразны архітэктурны вобраз, які значна сапсаваны перабудовай помніка ў 1960-ых гадах: зменена ўнутраная планіроўка і форма даху, каланада абліцавана керамічнай пліткай. Раней будынак быў накрыты пакатым двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў сярэдзіне падоўжаных фасадаў.

На галоўным фасадзе былі ўваходныя дзверы ў крамы. Крамы асвятляліся аконнымі праёмамі на тыльным фасадзе. Будынак нязменна праіснаваў да 1953 г. У мэтах прыстасавання пад прамысловы магазін была зменена ўнутраная планіроўка, канструкцыя даху (паніжаны) і зняты ў цэнтры фасада трохвугольны франтон.

Мікалай Гайба. Знешні воблік Навагрудка ў ХІХ ст.: тыповасць і ўнікальнасць // Наваградскія чытанні. Вып.ІV. / Навук. рэд. В.Ф.Кушнер. Мінск, 1996. – С.65-67.

2_-_nav_rynak.jpg
800px-navahradak_rynak-zamkavaja._navagradak_rynak-zamkavaya_1916_3.jpg
43_clear_resize1.jpg
родной город.png
мицкевич.jpg
vbwrtdbxffyf.png
1 (2).jpg
image (1).png
Без названия (1).png
image.png
bottom of page