ГАРА МІНДОЎГА
Паводле падання ў XIII ст. тут быў пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага князь Міндоўг. Пра паданне ўпамінаецца ў першай манаграфіі пра Навагрудак, выдадзенай на лацінскай мове ў Львове ў 1795 г. Незадоўга да смерці ад рук сваіх палітычных праціўнікаў ён адмовіўся ад каталіцтва і быў пахаваны па паганскаму абраду пад гарой (курганом).
Паводле іншай версіі, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе, магчыма, праходзіла ў 1253 г. каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага Інакенція IV карону і тытул Караля Літвы — першага і адзінага, бо паводле летапісу, каранацыя праходзіла не ў замку, а каля яго.
Асаблівую папулярнасць легенда пра гару Міндоўга набыла дзякуючы вядомаму паэту, ураджэнцу Навагрудка Адаму Міцкевічу, у творах якога не раз з'яўляецца góra Mendoga.
Паводле іншага падання, пазней на вяршыні гары была мармуровая надмагільная пліта на якой узвышалася выява дзяўчыны з тварам анёла. Тут была пахавана прыгажуня Крыся, якая стала правобразам для многіх скульптур і насценных роспісаў у касцёлах Вільні. Аўтарам віленскіх скульптур, як і надмагільнага помніка на Гары Міндоўга быў закаханы ў Крысю італьянскі скульптар Джавані Перэці.
Прыкладна з канца XVII ст. на Гары Міндоўга размяшчаліся агульнагарадскія хрысціянскія могілкі. Значная колькасць помнікаў з каменю і металу, а таксама драўляных крыжоў «на гары» адлюстравана на фотаздымках першай трэці ХХ ст. Перасталі гэтыя могілкі выкарыстоўвацца для пахаванняў з пачатку 1920-х гадоў. Захаваліся некаторыя надмагільныя пліты. Найстарэйшы надмагільны помнік на Гары Міндоўга, які захаваўся да нашага часу, датуецца 1820 годам.
У ліпені 1993 г. на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары ўстаноўлены памятны знак скульптара У. М. Лятуна.