top of page

СВЯТА-МІКАЛАЕЎСКІ КАФЕДРАЛЬНЫ САБОР

Кляштар ордэна францысканцаў існаваў у Наваградку ўжо ў 1323 г., што вынікае з пісьма князя Гедыміна да папы рымскага. Увогуле гэты каталіцкі ордэн адзін з самых старажытных і першы з'явіўся на беларускіх землях. Дата пабудовы драўлянага касцёла францысканцаў — 1434 г. На яго месцы па вуліцы Бернардзінскай у 1780 г. на ахвяраванні Алены Радзівіл быў змураваны новы храм у стылі позняга барока, які ўяўляе трохнефавую базіліку з бязвежавым галоўным фасадам.
У 1839 г. касцёл быў зачынены і да 1846 г. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар св. Мікалая. У перыяд мікалаеўскай рэакцыі пераасвячэнне касцёлаў у праваслаўныя храмы, найчасцей за ўсё ў гонар святога — патрона расійскага імператара, было масавай з'явай на Беларусі.
Пасля пажару 1852 г. храм перабудаваны, і набыў элементы руска-візантыйскага стылю. Барочны франтон на галоўным фасадзе заменены на званіцу, завершаную глухім драўляным васьмерыком з цыбулепадобнай галоўкай. На званіцу вядуць дзве вітыя лесвіцы ў тоўшчы фасаднай сцяны цэнтральнага нефа, перакрытага цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Прамавугольны ў плане будынак пераходзіць у 3-гранную апсіду. Галоўны фасад 3-ярусны: 2 ніжнія ярусы вылучаны шырокімі прафіляванымі карнізнымі паяскамі. У цэнтры 1-га яруса галоўны ўваход, фланкіраваны спаранымі пілястрамі, абапал якіх размешчаны неглыбокія нішы. У цэнтры 2-га яруса над галоўным уваходам высокае паўцыркульнае акно, таксама абрамленае пілястрамі. Трэці ярус — невысокая вежа-званіца з арачнымі праёмамі. Сцены бакавых фасадаў прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, размешчанымі ў 2 ярусы. Бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні.
У 2-й палавіне 19 ст. створаны драўляны 2-ярусны ў 13 абразоў іканастас, на белым фоне якога вылучаюцца пазалочаныя элементы драўлянай разьбы (карнізы, рамы, арнамент, капітэлі). Абраз 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя».
Адначасова з касцёлам змураваны двухпавярховы П-падобны будынак кляштара з лаканічнымі стрыманымі фасадамі, што кантраставалі з пластычнай барочнай архітэктурай храма. Плоская сцяна рытмічна прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у цэнтры — дзвярны праём. Па цэнтры тарцовага паўднёвага фасада з мансардай размешчана мураваная, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам лесвіца, якая вядзе на 2-і паверх. Частка фасада пад мансардай вылучана пілястрамі. Калідор і жылыя памяшканні перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У заходняй частцы будынка некалькі пакояў з цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У наш час ён выкарыстоўваецца як жылы дом.

Тамара Габрусь "Памяць", Наваградзкі раён, Кулагін А.М. "Праваслаўныя храмы на Беларусі"
 

Navahradak,_Franciškanski._Наваградак,_Францішканскі_(J._Bułhak,_1920).jpg
0600f63e4.jpg
43_clear_resize1.jpg
родной город.png
мицкевич.jpg
vbwrtdbxffyf.png
1 (2).jpg
image (1).png
Без названия (1).png
image.png
bottom of page