top of page

Дом-музей Адама Міцкевіча

Навагрудчане заўсёды памяталі пра свайго знакамітага земляка і жадалі ўшанаваць яго памяць. Так,. у 1902 г. у былым дамініканскім касцёле, дзе калісьці вянчаліся будучыя бацькі Адама Міцкевіча, была ўстаноўлена памятная таблічка з ягоным бюстам.

Першыя рэальныя спробы навагрудчан увекавечыць у гэтым доме  памяць пра свайго славутага земляка былі зроблены толькі ў 1920 г. Тагачасны часовы вышэйшы орган мясцовай улады - Навагрудскі павятовы рэўкам 16 верасня 1920 г. выдаў загад №40 "Аб утварэнні ў доме, дзе жыў А.Міцкевіч, музея або бібліятэкі яго імя". У загадзе, які падпісалі старшыня рэўкама С.Мертэнс і сакратар Лапнеўскі, адзначалася, што "ў Навагрудску некалі жыў вядомы ўсяму свету польскі паэт Адам Міцкевіч" і што "Савецкая ўлада, з'яўляючыся носьбітам культуры і святла, памятае тых, хто на гэтай ніве працаваў, і памяць аб іх захоўвае і аберагае".

Зыходзячы з гэтага рэўкам пастанавіў:

1. Дом, у якім жыў Адам Міцкевіч з усёй абстаноўкай і бібліятэкай неадкладна вызваліць ад пражываючай у ім публікі і перадаць у распараджэнне павятовага аддзела народнай адукацыі.

2. Жыллёваму аддзелу ў тэрміновым парадку прадставіць кватэры высяляемым з былога дома Міцкевіча.

3. Аддзелу народнай адукацыі неадкладна прыступіць да арганізацыі ў гэтым доме музея або бібліятэкі імя Адама Міцкевіча.

4. Аддзелу народнай адукацыі сабраць усе кнігі і іншыя памяткі аб Міцкевічу, што маюцца ў павеце, і ўключыць іх у музей або бібліятэку.

28 чэрвеня 1931 г. у дзень адкрыцця кургана Бессмяротнасці ў доме-музеі адбылася выстава, прысвечаная Адаму Міцкевічу, на якой было прадстаўлена 512 экспанатаў.

Адкрыццё дома-музея Адама Міцкевіча адбылося 11 верасня 1938 г. і прайшло ў межах традыцыйных "Міцкевічскіх  дзён", якія доўжыліся з 11 па 22 верасня. Першапачатковая экспазіцыя Дома-музея размяшчалася ў трох залах. Сярод дакументаў, змешчаных у музеі, былі судовыя акты бацькі і дзеда, напісаныя гусіным пяром, пісьмы Адама да сяброў і Марылі, некалькі кніжак з хатняй бібліятэкі ў Парыжы. Першым дырэктарам музея стаў Уладзіслаў Ляруй, а аднымі з першых яго наведвальнікаў былі ўнучкі Марылі - Сафія Путкамер і праўнучка Яніна Жалтоўская з Бальценік.

У пачатку вайны Дом-музей быў разбураны нямецкай авіябомбай. У агні згарэла шмат унікальных экспанатаў і памятак пра Адама Міцкевіча. Сярод уцалелых - макет парыжкага помніка паэту. 

Наваградскім Саветам дэпутатаў працоўных у 1948 г. было прынята рашэнне аб аднаўленні музея. У 1953 г. пачаліся будаўнічыя работы па ўзвядзенні будынка ў даваенным перыядзе. Дырэктарам была прызначана А. Сідаровіч. Экспазіцыя музея стваралася на аснове матэрыялаў, дасланных з музея Адама Міцкевіча ў Варшаве, а таксама з іншых устаноў і арганізацый Беларусі, Польшы, Літвы, Украіны і Расіі. Урачыстае адкрыццё Дома-музея адбылося 26 лістапада 1955 года. 

У канцы 80-х гг. было прынята рашэнне аб рэканструкцыі сядзібы музея з тым, каб прыдаць ёй выгляд, які яна мела на пачатак 19 стагодзя. Адкрыццё адноўленнага музея адбылося 12 верасня 1992 г.

Фонды музея (па стану на пачатак 2014 г.) налічваюць больш за 8500 адзінак захоўвання, з іх асноўнага фонду  каля 6200 адзінак. Сярод экспанатаў асабістыя рэчы паэта (гадзіннік, акуляры), у экспазіцыі - таксама рэчы, звязаныя з А. Міцкевічам і яго акружэннем: прадметы мэблі, сталовы посуд, раяль, веер, гадзіннікі першай паловы 19 ст і інш. У фондах музея знаходзяцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў паэта, пераклады яго твораў на многія мовы свету, 120 старадрукаваных кніг, рукапісы, калекцыя графікі.

Па матэрыялах артыкула "Дом-музей Адама Міцкевіча", аўтар М.П. Гайба

43_clear_resize1.jpg
родной город.png
мицкевич.jpg
vbwrtdbxffyf.png
1 (2).jpg
image (1).png
Без названия (1).png
image.png
bottom of page