top of page

Гісторыка-краязнаўчы музей

Драўляны касцёл у цэнтры Навагрудка быў пабудаваны ў 1624 годзе на сродкі віленскага ваяводы Кшыштафа Хадкевіча і належаў манахам дамініканскага ордэну. Касцёл быў асвечаны ў гонар Св.Яцка. Драўляныя касцёльныя пабудовы праіснавалі да канца ХVІІ стагоддзя і былі моцна пашкоджаны ў час пажару ў другой палове ХVІІ стагоддзя. Будаўніцтва мураванага касцёла, які з некаторымі перабудовамі захаваўся да нашага часу, пачалося ў 70-80 гады ХVІІ стагоддзя. План будынка новага касцёла, у параўнанні з драўляным, быў зменены. У час гарадскога пажару 1751 года касцёл і кляштар зноў былі пашкоджаны. Але дамінікане знаходзяць сродкі на іх аднаўленне, а таксама поўнасцю змяняюць інтэр’ер касцёла. Менавіта ў гэты час у касцёле былі зроблены каменныя алтары ў стылі ракако. У 1805 годзе нарэшце завяршаецца рамонт храма і ён асвяшчаецца пад вызваннем Св.Міхаіла. У 1829 годзе з паўднёвага боку касцёла ўзводзіцца мураваная двух’ярусная званіца. У 1831 годзе касцёл зноў гарыць і пасля перабудовы сярэдзіны ХІХ стагоддзя яго архітэктура набывае рысы позняга класіцызму: больш нізкі дах, спрошчаны трохвугольны франтон. З самага пачатку свайго заснавання касцёл з’яўляўся распаўсюджвальнікам ідэй манахаў-дамініканаў, ідэаламі якіх былі строгая аскеза, стрыманне і паслушэнства. Галоўным сродкам духоўнага ўдасканалення дамінікане лічылі рэлігійную асвету пры дапамозе пропаведзі. Многія з іх былі не толькі таленавітымі філосафамі і рытарамі, але адначасова падтрымвалі развіццё прыродазнаўчых навук і перадавыя ідэі навукі і тэхнікі Новага часу. У 1797 годзе пры касцёле Св.Міхаіла была адкрыта дамініканская школа, у якой атрымлівалі адукацыю дзеці розных саслоўяў. Узровень выкладання ў гэтай школе быў вельмі высокі. Атрыманыя веды давалі магчымасць многім выпускнікам школы паступаць на розныя факультэты прэстыжных еўрапейскіх універсітэтаў. Прыхажанамі храма ў той час была і сям’я Адама Міцкевіча, а ён сам вучыўся ў дамініканскай школе, 186 пасля заканчэння якой паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Пасля закрыцця дамініканскага кляштара ў 1853 годзе касцёл Св.Міхаіла становіцца парафіяльным. У перыяд Першай сусветнай вайны, а затым у 20-30-я гг ХХ стагоддзя касцёл Св. Міхаіла дзейнічаў. Яго знешні выгляд зафіксаваны на фотаздымках і паштоўках пачатку ХХ стагоддзя. Касцёл выглядае вельмі прывабна, яго будынак патанае ў густых кустах бэзу і з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем горада. Побач з касцёлам відаць двухярусная мураваная званіца. Увесь комплекс абнесены мураванай агароджай. Падчас другой сусветнай вайны будынак касцёла быў толькі нязначна пашкоджаны. Яшчэ на фотаздымку 1946 года ён выглядае без асаблівых змен, нават частка касцёла мае будаўнічыя рыштаванні, што гаворыць аб правядзенні рамонту фасада. Да 1948 года ў касцёле праводзіліся набажэнствы і на першы погляд, яму нішто не пагражала. Але ў жніўні 1948 года прыхажане даведаліся аб тым, што касцёл зачыняецца і ў ім будзе размешчана зернесховішча. Жыхарка Навагрудка Марыя Дабжынская-Каравайская ўспамінае, як яе бацькі, разам з іншымі прыхажанамі не аддавалі ключоў ад брамы, па чарзе несучы варту каля сцен касцёла. Тады ўначы грузавіком былі выбіты дзверы касцёла і ў галоўны алтар храма высыпана збожжа. Некалькі абразоў, у тым ліку ікону Св. Міхаіла, якая затым доўгі час знаходзілася ў адной з капліц Фарнага касцёла, цудам удалося выратаваць прыхажанам. Іконы Ісуса Хрыста і Маці Божай захоўваліся доўгі час у сястры Малгажаты, манахіні жаночага каталіцкага ордэну Найсвяцейшай сям’і з Назарэту, якая пасля вайны засталася ў Навагрудку і жыла ў сакрыстыі Фарнага касцёла.

У 1987 годзе пачалі праводзіцца гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя, а таксама археалагічныя даследаванні. У 1988 годзе праведзены комплексныя навуковыя даследаванні ўнутранага стану касцёла а таксама падмуркаў кляштара. У працэсе даследавання помніка архітэктуры было выяўлена, што ў 1940-я гг. у інтэр’еры касцёла налічвалася ад 9 да 11 алтароў, арган на харах, да 12 канфесіяналаў, лаўкі для прыхажан, драўляны амвон. Бронзавая жырандоль на 24 падсвечнікі перад Вялікім алтаром, іконы і іншы касцельны скарб. Пасля закрыцця касцёла і да пачатку правядзення навуковых даследаванняў храма, захаваліся толькі 9 алтароў, якія маюць значныя пашкоджанні. Камісія ўстанавіла, што асноўныя пашкоджанні скульптуры, ляпніны і дэкаратыўнага ўбранства касцёла адбыліся менавіта ў 60-70-я гг. ХХ стагоддзя. “Калі ляпніна ў асноўным разбуралася ад пападання ў касцёл вільгаці праз адтуліну ў зводзе цэнтральнага нефа, то адсутнасць на 90% скульптуры і мноства мясцовых сколаў ляпніны можна аднесці да мэтанакіраванага іх знішчэння асобамі, якія мелі доступ у сярэдзіну храма” – такім было заключэнне экспертаў. Пасля завяршэння грунтоўных гісторыка-археалагічных і архітэктурных даследаванняў пачаліся рэстаўрацыйныя работы, якія праводзіліся ў некалькі этапаў. Пасля правядзення першапачатковага рамонту храм быў перададзены вернікам і пачаўся новы этап рэстаўрацыйных работ. Канчаткова працы па аднаўленню касцёла былі завершаны ў 1996 годзе. Сёння адноўлены храм зноў збірае пад сваім дахам вернікаў і з’яўляецца асноўным рэлігійна-культурным і асветніцкім цэнтрам для католікаў Навагрудка. Побач з касцёлам, на падмурках былога дамініканскага кляштара вядуцца будаўнічыя работы.

Па матэрыялах артыкула "Касцёл святога Міхаіла ў пасляваенны час і яго роля ў рэлігійным жыцці Навагрудка", аўтар Г.Кавальчук

KSMA-4.jpg
2740f1d21c7f6dd113c5a5c22eb34444.jpg
43_clear_resize1.jpg
родной город.png
мицкевич.jpg
vbwrtdbxffyf.png
1 (2).jpg
image (1).png
Без названия (1).png
image.png
bottom of page